Трамп заявіў, што Маск зняў абмежаванні Starlink для УСУ

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што абмежаванні на працу Starlink для УСУ знятыя. Пры гэтым ён не стаў гаварыць пра сваю ролю ў гэтай гісторыі.

“Я не хачу гэта каментаваць. Ведаеце, тэлефанаваў я ці нехта іншы, – розніцы няма. Думаю, сутнасць у тым, што ён гэта вярнуў”, – сказаў Трамп.

Раней The Wall Street Journal паведамляла, што Трамп тэлефанаваў Маску і прасіў зняць абмежаванні. Да гэтага СМІ пісалі, што яны былі ўведзеныя па ўказанні Белага дома, але іх не звязвалі непасрэдна з Трампам.

Абмежаванні для ваеннай версіі Starlink дзейнічалі з ночы на 14 кастрычніка: тэрміналы на ўкраінскіх дронах трымалі сувязь толькі пры хуткасці да 160 км/г.