Дональд Трамп. Скриншот видео x.com/WhiteHouse
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў зацікаўленасць у сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Паводле яго слоў, асноўнай тэмай магло б стаць скарачэнне ядзерных узбраенняў.
“Я б зрабіў гэта, але не столькі з-за Украіны”, – сказаў ён.
“Нам варта было б абмеркаваць ядзерную зброю і дэнуклеарызацыю. А я заўсёды гатовы правесці сустрэчу, прысвечаную дэнуклеарызацыі. У перыяд майго прэзідэнцтва я гэтым займаўся. У нас больш ядзернай зброі, чым у каго-небудзь яшчэ. Расія на другім месцы, Кітай — на трэцім, але ён імкліва даганяе. Раней Кітай моцна адставаў, а цяпер навёрствае ўпушчанае — верагодна, гадоў за пяць дагоніць. Мы маглі б дамовіцца пра сустрэчу, прысвечаную дэнуклеарызацыі, — а гэта вельмі пазітыўны момант для ўсяго свету. Так што так, я б на гэта пайшоў. Калі яны хочуць… я толькі што пра гэта пачуў — калі яны хочуць такой сустрэчы, думаю, яна магла б прайсці ў Кітаі. Старшыня Сі толькі што з’ехаў адсюль; калі ён захоча правесці сустрэчу — я пагаджуся. Упэўнены, мы абмеркавалі б і іншыя пытанні, напрыклад, гандаль. Увогуле, так, я б на гэта пайшоў”, – дадаў ён.
Нагадаем, што ўчора The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы напісала, што Расія прапаноўвала сустрэчу Трампа, Пуціна і Сі Цзіньпіна на будучым саміце АЦЭС, які адбудзецца ў Кітаі. Тэмай перамоў назвалі ўрэгуляванне расійска-ўкраінскай вайны.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прадметных абмеркаванняў наконт сустрэчы не было, але яна гіпатэтычна магчымая, калі ўсе трое палітыкаў возьмуць удзел у мерапрыемстве АЦЭС.