Фото: pixabay.com
Міністэрства замежных спраў Кітая пацвердзіла трохбаковую сустрэчу старшыні КНР Сі Цзіньпіна, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Яна адбудзецца 19 лістапада ў Шэньчжэне. У гэтым горадзе будзе праходзіць саміт АЦЭС.
Тэматыку сустрэчы ў кітайскім знешнепалітычным ведамстве не назвалі.
Раней СМІ пісалі, што бакі разыходзіліся ў пытанні фармату сустрэчы. Кітай настойваў на тым, што яе ўдзельнікі выступяць з падрыхтаванымі заявамі. Амерыканскі бок настойваў на адкрытым фармаце. Дональд Трамп таксама казаў, што хацеў бы на сустрэчы абмяркоўваць пытанні стратэгічных узбраенняў. СМІ таксама пісалі, што Уладзімір Пуцін хацеў бы ад сустрэчы замацавання падзелу сфер уплыву ў свеце.
Паводле інфармацыі Financial Times, у выніку бакі адмовіліся ад узгодненага парадку дня. Амерыканскі чыноўнік паведаміў выданню, што Трамп мае намер узняць пытанні кантролю над ядзернымі ўзбраеннямі і іх распаўсюджвання. Пры гэтым ён разлічвае пачаць абмеркаванне паміж трыма найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі, а не заключыць пагадненне па выніках сустрэчы.
Паводле інфармацыі Bloomberg, на сустрэчы могуць таксама абмеркаваць Іран, але тэму Украіны ўзнімаць не збіраюцца.