Трамп паабяцаў, што свабода прыйдзе на Кубу

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім выступленні на Генеральнай Асамблеі ААН паабяцаў, што свабода прыйдзе на Кубу, Іран не будзе мець ядзернай зброі, а таксама выступіў супраць глабалістаў.

«Няма лепшага прыкладу небяспекі, якой дазволілі набраць сілу, што нанесла шкоду ўсяму свету, чым галоўны спонсар тэрору, Ісламская Рэспубліка Іран… З першага дня майго прыходу на палітычную арэну я быў непахісны — я ніколі не дазволю Ірану валодаць ядзернай зброяй», — сказаў ён.

Трамп падкрэсліў, што ЗША не дапусцяць, каб у Заходнім паўшар’і замацаваліся якія-небудзь пагрозы яго краіне.

«Кубінскі рэжым таксама дзесяцігоддзямі каардынаваў свае дзеянні з левымі радыкаламі і камуністычнымі сеткамі тут, у Злучаных Штатах. Як падрабязна расказаў наш Дзярждэпартамент, яны наладжвалі сувязі з падрыўнымі і радыкальнымі групамі, такімі як Камуністычная партыя ЗША, Антыфа і Дэмакратычныя сацыялісты Амерыкі. Камунізм ніколі не прыйдзе ў Амерыку, але свабода прыйдзе на Кубу, а бяспека і абароненасць — у Мексіку», — заявіў ён.

Паводле слоў Трампа, пакуль ён з’яўляецца прэзідэнтам, у свеце не будзе глабальных падаткаў.

Прэзідэнт ЗША назваў непрымальным тое, што вышэйшыя службовыя асобы ААН па правах чалавека марнуюць свой час на крытыку Злучаных Штатаў.

“Баязлівыя крывадушнікі з Савета па правах чалавека мала што кажуць пра пераслед хрысціян… або пра злачынствы самых рэпрэсіўных рэжымаў свету, але пры гэтым хочуць, каб Амерыка адкрыла свае межы для банд і злачынцаў з самых небяспечных месцаў свету… Глыбока іранічна, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый мае цэлую арганізацыю, групу ЮНЕСКА, якая складаецца з людзей і краін, што займаюцца абаронай культурнай спадчыны, — і пры гэтым, нястомна заахвочваючы масавую міграцыю, гэтыя глабалісты актыўна знішчаюць найвялікшыя культуры і самую выбітную спадчыну ў гісторыі. Няма права чалавека на нелегальную іміграцыю, але ёсць права заставацца суверэннай дзяржавай», — сказаў ён.

Ён таксама адхіліў “любыя спробы пабудаваць глабалісцкую схему кантролю над штучным інтэлектам”.