Трамп і Пуцін абмеркавалі Іран, Украіну і Венесуэлу

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову 9 сакавіка, паведаміў ТАСС памочнік Пуціна Юрый Ушакоў.

Паводле слоў Ушакова, гутарка адбылася па ініцыятыве амерыканскага боку. Трамп патэлефанаваў Пуціну, каб абмеркаваць развіццё бягучай міжнароднай абстаноўкі. Размова доўжылася каля гадзіны і насіла «дзелавы, адкрыты і канструктыўны характар», адзначыў Ушакоў.

Пуцін выклаў Трампу меркаванні па палітыка-дыпламатычным урэгуляванні іранскага канфлікту, у тым ліку па выніках сваіх кантактаў з лідарамі краін Персідскага заліва, прэзідэнтам Ірана і кіраўнікамі «шэрагу іншых краін». Трамп даў сваю ацэнку сітуацыі.

Яшчэ адной галоўнай тэмай сталі перамовы па Украіне.

«Прэзідэнт Трамп зноў выказаў зацікаўленасць у тым, каб канфлікт ва Украіне завяршыўся як мага хутчэйшым выхадам на спыненне агню і дасягненнем доўгатэрміновага ўрэгулявання», — расказаў памочнік Пуціна.

Паводле слоў Ушакова, Пуцін расказаў пра «вельмі паспяховае» прасоўванне расійскіх войскаў на лініі судакранання. На думку расійскага боку, гэта павінна падштурхнуць Украіну пайсці на «перамоўнае ўрэгуляванне канфлікту».

У размове таксама абмяркоўвалася тэма Венесуэлы.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!