Скришот видео
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што вайна з Іранам скончыцца пасля прамежкавых выбараў у Кангрэс, якія пройдуць у лістападзе. На яго думку, Тэгеран не ідзе на пагадненне, таму што хоча паўплываць на выбары на карысць Дэмакратычнай партыі. Пра гэта Трамп заявіў, выступаючы на з’ездзе Рэспубліканскай партыі.
“Цяпер мы магутнейшыя за АПЕК. І цэны адразу пасля гэтых вельмі важных выбараў 3 лістапада рэзка ўпадуць. Вайна скончыцца неўзабаве пасля выбараў. Яны адчайна змагаюцца за выжыванне, спадзеючыся, што мы прайграем, каб мець справу з дурнымі, слабымі дэмакратамі, каб у іх была ядзерная бомба, але мы гэтага не дапусцім”, – сказаў Трамп.
Прамежкавыя выбары ў Кангрэс адбудуцца 3 лістапада. На іх будзе цалкам абноўлены склад Палаты прадстаўнікоў, а таксама зменіцца частка сенатараў. Рэйтынг адабрэння Трампа апошнім часам знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні.
У сваім выступленні Трамп таксама яшчэ раз заявіў, што ЗША кантралююць Армузскі праліў.
“Цяпер мы пераможам. Мы перамагаем. Мы кантралюем Армузскі праліў”, – сказаў ён.
Прэзідэнт ЗША таксама выказаўся за перайменаванне праліва ў свой гонар.
“Мы назавём яго пралівам Трампа, і я ўпэўнены, што іранскае кіраўніцтва будзе ў захапленні”, – сказаў ён.