Трагедыя ў Магілёве. Мужа знайшлі пад вокнамі, жонку – у кватэры з колата-рэзанымі ранамі

Сямейная пара загінула ў Магілёве. Целы выявілі раніцай 10 верасня, паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці.

Паводле даных следства, 44-гадовага мужчыну без прыкмет жыцця пад вокнамі шматпавярховіка выявілі мінакі. У спальні кватэры знайшлі цела яго 50-гадовай жонкі з колата-рэзанымі ранамі. Паводле вынікаў першаснага агляду ў мужчыны выявілі траўмы, характэрныя для падзення з вышыні. У жанчыны зафіксаваныя колата-рэзаныя раны. Папярэдне, яна памерла ад вострай страты крыві.

Паводле інфармацыі ДКСЭ, напярэдадні ўвечары муж і жонка ўжывалі алкаголь. Сям’я, якая выхоўвала сына і дачку, па месцы жыхарства і працы характарызавалася станоўча.

На месцы працуе следча-аператыўная група. Спецыялісты аглядаюць кватэру, фіксуюць сляды і апытваюць суседзяў і сваякоў загінулых. Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 139 КК Беларусі (забойства). Следства высвятляе абставіны і прычыны здарэння.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!