Фото: Таможня Литвы
Прэс-служба літоўскай мытні апублікавала падборку з архіва, прысвечаную выпечцы. У ёй знайшлося месца і для кантрабанды цыгарэт з Беларусі.
У лютым 2015 года літоўскія мытнікі пад сядзеннямі аўтобуса Воранава-Шальчынінкай выявілі пакет з хлебам. Хлеб аказаўся з начыннем. У буханках былі схаваныя цыгарэты Premjer і 99. Уладальніка пакета тады ўстанавіць не ўдалося.
У кастрычніку 2016 года грамадзянка Беларусі ехала праз пункт пропуску “Мядзінінкай” з ружовым тортам. Паводле яе слоў, яна везла яго сяброўцы. Торт падаўся мытнікам занадта лёгкім. Падазрэнні пацвердзіліся: пад ружовай глазурай былі схаваныя 190 пачак цыгарэт Queen.
У ліпені 2021 года ў тым жа “Мядзінінкаі” быў спынены грузавік, які вёз вафельныя пірожныя з Масквы ў Калінінградскую вобласць. Падазрэнне выклікала тое, што ў гарачае надвор’е кандытарскія вырабы везлі ў звычайным паўпрычэпе, а не тэрмаізаляваным або рэфрыжэратарным. Падчас агляду грузу высветлілася, што пірожных у скрынках няма, замест іх там знаходзяцца цыгарэты «Мінск Капітал МС» – усяго 414 тыс. пачак на суму 1,45 млн еўра.