Фото: ОПК
Польшча можа падоўжыць тэрмін дзеяння праязнога дакумента для замежнікаў з аднаго да двух гадоў. Працэс унясення адпаведных змен у закон ужо пачаўся. Пра гэта было заяўлена на сустрэчы намесніка кіраўніка АПК Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў у Польшчы Томашам Цытрыновічам, паведамляе АПК.
Польскі бок таксама адзначыў, што змены ў заканадаўстве дазволяць прызнаваць праязны дакумент у якасці пасведчання асобы. Таксама ідзе праца над тым, каб скараціць тэрмін выдачы дакумента.
На сустрэчы ва ўпраўленні таксама абмяркоўвалася пытанне атрымання міжнароднай абароны для дзесяці экс-палітвязняў, вызваленых у верасні і вывезеных з Літвы ў Польшчу. Польскі бок паабяцаў правесці неабходныя працэдуры ў найкарацейшыя тэрміны.
Акрамя гэтага, бакі абмеркавалі пытанні, якія датычацца тэрмінаў выдачы рашэнняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны для беларусаў у Польшчы, і канкрэтныя складаныя выпадкі легалізацыі.
Асобна абмяркоўваліся праблемныя пытанні, звязаныя з магчымай дэпартацыяй беларусаў, калі прынята рашэнне аб адмове ў прадастаўленні міжнароднай абароны. Гэтую праблему таксама плануецца дадаткова абмеркаваць у Галоўнай камендатуры памежнай службы Польшчы.
Павел Латушка праінфармаваў польскі бок пра рэпрэсіі ў Беларусі, якія працягваюцца, адзначыўшы, што гэта павінна ўлічвацца пры прыняцці рашэнняў аб прадастаўленні абароны грамадзянам Беларусі. Цытрыновіч адзначыў, што кожная справа разглядаецца ў індывідуальным парадку з улікам магчымых пагроз пераследу.
У сустрэчы таксама прымалі ўдзел прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вераніка Станкевіч, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і дэлегат Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк, а таксама спецыялістка па адвакатаванні Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.