Фото: пресс-служба президента Казахстана
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прызначыў віцэ-прэзідэнтам Ерлана Карына. Пасада віцэ-прэзідэнта з’явілася ў краіне пасля змяненняў у Канстытуцыі, якія былі прынятыя сёлета.
Як паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Казахстана, перад Карыным пастаўленыя задачы забяспечыць прадстаўленне пазіцыі кіраўніка дзяржавы ва ўзаемадзеянні з Курултаем, урадам і іншымі дзяржаўнымі органамі па ключавых пытаннях дзяржаўнай палітыкі.
Ерлан Карын нарадзіўся ў 1976 годзе, працаваў на розных дзяржаўных пасадах, у тым ліку быў старшынёй праўлення АТ «Рэспубліканская тэлерадыёкарпарацыя “Казахстан”.
У красавіку 2019 года пасля таго, як Такаеў стаў прэзідэнтам Казахстана ў выніку адстаўкі Нурсултана Назарбаева, Карын быў прызначаны дарадцам прэзідэнта, а ў ліпені 2020 года памочнікам прэзідэнта.
У пачатку студзеня 2022 года Карын стаў дзяржсакратаром Казахстана, пазней гэтая пасада была перайменаваная ў дзярждарадцу. Падчас студзеньскіх падзей 2022 года кіраваў рэгіянальным штабам па стабілізацыі сітуацыі ў Мангістаўскай вобласці.
У чэрвені-жніўні гэтага года Карын займаў пасаду першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Казахстана.