Сын Мазепіна можа купіць “Леста Игры”

Былы аўтагоншчык Мікіта Мазепін, сын мільярдэра беларускага паходжання Дзмітрыя Мазепіна, можа стаць уладальнікам кампаніі “Леста Игры”, якая была нацыяналізаваная Расіяй у мінулым годзе. Пра гэта піша Forbes са спасылкай на крыніцу.

Паводле яго інфармацыі, здзелка яшчэ не завершаная, але блізкая да гэтага. Кампанію могуць набыць за 30-35 млрд расійскіх рублёў.

“Леста Игры” з’явілася ў 2022 годзе. Тады, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, распрацоўшчык World of Tanks кампанія Wargaming сышла з Расіі і Беларусі, перадаўшы правы на гульні і мясцовую інфраструктуру дыстрыб’ютару “Лесте” і менеджменту. Аднак вясной 2025 года ў Расіі забаранілі дзейнасць экстрэмісцкага «аб’яднання» ў асобе Маліка Хатажаева, уладальніка «Лесты» на той момант, і Віктара Кіслага, уласніка Wargaming. Пазней “Леста” была нацыяналізаваная.

Цяпер жа РФ хоча прадаць кампанію. Раней намеснік міністра фінансаў краіны Аляксей Маісееў заяўляў, што продаж плануецца завяршыць у гэтым годзе. Паводле яго слоў, на здзелку можна выйсці ў верасні-кастрычніку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!