Фото: ГТК
Беларускія мытнікі спынілі яшчэ адну спробу правозу грошай праз мяжу без дэкларавання.
Як расказалі ў ДМК, сямейная пара ехала з Польшчы праз пункт пропуску “Бераставіца”. Ведаючы, што сумы звыш 10 тыс. долараў трэба дэклараваць, грамадзяне вырашылі абысці гэтае абмежаванне, заявіўшы, што ў кожнага з іх ёсць сума крыху меншая за гэты парог.
“Пры правядзенні мытнага кантролю мытнікі выявілі ў сумцы жанчыны яшчэ 3,5 тыс. долараў ЗША, а ў сумцы мужчыны — 2,4 тыс. долараў ЗША. Грошы былі загорнутыя ў сурвэткі і ўпакаваныя ў пакеты”, – гаворыцца ў паведамленні.
Пачаты адміністрацыйны працэс. Схаваныя грашовыя сродкі канфіскаваныя да рашэння суда.