Скриншот видео МВД
Супрацоўнікі ДАІ стралялі па аўтамабілі ВАЗ у Докшыцкім раёне. Парушальнік затрыманы.
Як паведамілі ў прэс-службе МУС, каля 4:30 інспектары паспрабавалі спыніць аўтамабіль ВАЗ. Яго вадзіцель праігнараваў сігналы сілавікоў і паспрабаваў уцячы.
Пачалася пагоня. Вадзіцель спрабаваў уцячы, пятляў па дарозе, перашкаджаючы міліцэйскай машыне здзейсніць абгон. Было прынята рашэнне выкарыстаць табельную зброю. У выніку ВАЗ з’ехаў з праезнай часткі, за ім рушыў аўтамабіль ДАІ. Вадзіцеля легкавога аўтамабіля затрымалі.
«За рулём аказаўся 32-гадовы неаднаразова судзімы жыхар Барысаўскага раёна. Яго фізічны стан выклікаў падазрэнні ў інспектараў. Ад праходжання медыцынскага агляду адмовіўся. Раней ён быў пазбаўлены “правоў” за кіраванне ў нецвярозым стане. У аўтамабілі таксама знаходзіўся яго 34-гадовы брат у стане алкагольнага ап’янення», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МУС.
Абодва затрыманыя змешчаныя ў ІЧУ. Аўтамабіль знаходзіцца на ахоўнай стаянцы.