Александр Пашкевич. Фото: Facebook
У Беларусі супраць гісторыка і публіцыста Аляксандра Пашкевіча распачалі крымінальную справу за ўдзел у гутарках на YouTube-канале, прызнаным беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем». У кастрычніку 2026 года яго абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. На публікацыю Пашкевіча ў Facebook звярнула ўвагу Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Інфармацыя пра вышук гісторыка з’явілася на спецыяльным стэндзе каля будынка Лагойскага РАУС. Побач з яго фота пазначана, што ён падазраецца паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Паводле слоў Пашкевіча, падставай для крымінальнага пераследу сталі гутаркі з яго ўдзелам на YouTube-канале Malanka Media, прысвечаныя моўнай палітыцы ў Беларусі і грамадскім падзеям. У лютым 2023 года МУС прызнала гэты медыяпраект «экстрэмісцкім фарміраваннем».
У каментары да фота сам гісторык успомніў, як у дзяцінстве разглядаў дошку “Іх вышуквае міліцыя” на чыгуначным вакзале ў Лунінцы і не мог уявіць, што калі-небудзь сам апынецца на падобным стэндзе.
«І калі б мне сказалі не толькі ў тыя юныя гады, але і значна пазней, што я буду палохаць дзяцей на такой жа дошцы, – век бы не паверыў. Але, як той казаў, ні ад чаго не заракайся — чаму доказ гэтая фотка, знойдзеная на прасторах інтэрнэту», – напісаў ён.
Паводле яго падлікаў, 6 з 18 чалавек, чые фатаграфіі размешчаныя на стэндзе ў Лагойску, вышукваюцца паводле артыкулаў, звязаных з палітычным пераследам.
“Часы цяпер суровыя і да крайнасці абсурдныя ўжо не першы год. Таму воляй-няволяй, а да рэалій дзяржаў караля Джакамона або караля Топседа ўсе мы ўжо даўно прызвычаіліся і нічому не здзіўляемся. Тым больш што і кампанія зусім не ганебная: 6 чалавек з 18 (гэта значыць роўна траціна) на дошцы паводле інкрымінаваных артыкулаў паміж сабой «сацыяльна блізкія». Такі вось цяпер у РБ крымінальны свет”, – адзначыў Пашкевіч.
Сярод вышукваемых – удзельнік Палка Каліноўскага Дзяніс Урбановіч, праваабаронца і каардынатарка адукацыйных праграм Дар’я Рублеўская, а таксама мінчанка Вольга Сінялёва, якая ў 2021 годзе адмовілася здаваць кватэру супрацоўніцы пракуратуры Аліне Касьянчык. Апошняя выступала дзяржаўным абвінаваўцам па палітычна матываваных справах, у тым ліку ў дачыненні да журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. На стэндзе таксама размешчаныя фота некалькіх чалавек, у дачыненні да якіх распачатыя крымінальныя справы паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
У міждзяржаўную базу вышуку беларускія грамадзяне трапляюць па запытах сілавых структур Беларусі. У ёй ужо знаходзяцца больш за сотню журналістаў і медыяработнікаў. Такі вышук распаўсюджваецца на Расію і іншыя краіны СНД, а таксама можа ствараць пагрозу выдачы з “дружалюбных” беларускаму рэжыму краін.
Былы намеснік рэдактара часопісаў «ARCHE Пачатак» і «Наша гісторыя» Аляксандр Пашкевіч пакінуў Беларусь у 2021 годзе.
9 жніўня 2020 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, Пашкевіча затрымалі на выбарчым участку № 103 у Мінску, дзе ён прысутнічаў у якасці журналіста падчас падліку галасоў.