Фото: Reform.by
У Беларусі змяняюцца правілы ўступнай кампаніі і ствараецца дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі. Гэта прадугледжана ўказам, падпісаным сёння Аляксандрам Лукашэнкам.
«Дакумент накіраваны на тое, каб забяспечыць роўныя магчымасці абітурыентам пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры справядлівым конкурсным адборы», — заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.
Старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй прызначана віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч. У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, а таксама органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых органаў і грамадскіх арганізацый.
Камісія надзелена паўнамоцтвамі па кантролі за правядзеннем універсітэцкіх алімпіяд, якія даюць права на льготнае паступленне ў ВНУ, што праводзяць такія алімпіяды.
Указ прадугледжвае, што для паступлення ў ВНУ на завочную форму больш не патрабуецца адпаведнасць працоўнага стажу абранаму профілю адукацыі.
Таксама ўдакладняюцца катэгорыі асоб, якія маюць льготы пры залічэнні ва ўстановы адукацыі ў сувязі са стварэннем каледжа МУС.
Уводзіцца профільнае выпрабаванне па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», які цяпер вывучаюць у 10–11-х класах замест дысцыпліны «Гісторыя Беларусі».