Фото: ТГ-канал Николая Статкевич
Былы палітвязень, палітык Мікалай Статкевіч звярнуўся да Сяргея Ціханоўскага і “Нашай Нівы”. Ён даў ім парады, якія можна ахарактарызаваць як спробу знізіць градус напружанасці.
Нагадаем, “Наша Ніва” апублікавала нататку пра святкаванне дня нараджэння Сяргея Ціханоўскага ў ЗША. Яго закранула, што выданне апісала свята як праведзенае «з размахам». Ціханоўскі тады прапанаваў разабрацца з грантамі і беларускімі незалежнымі СМІ і звярнуцца “да нашых заходніх партнёраў з прапановай улічваць якасць і адказнасць атрымальнікаў пры прыняцці рашэнняў аб далейшым фінансаванні» СМІ. Таксама Сяргей Ціханоўскі актывізаваўся ў сацсетках, дзе стаў пакідаць рэзкія каментары.
Цяпер Мікалай Статкевіч параіў Ціханоўскаму навучыцца не скардзіцца на крытыку з боку СМІ, таму што гэта з’яўляецца неад’емнай якасцю палітыка.
“Тым не менш хачу параіць Сяргею вучыцца не наракаць на СМІ за крытычныя, хай нават і недакладныя, выказванні ў свой бок, тым болей не рэагаваць эмацыйна на слоўныя прэтэнзіі і напады апанентаў, што з’яўляецца неабходнай якасцю дэмакратычнага палітыка. І калі ён звярнуўся да расійскай вершаванай класікі, то жадаю яму трымацца вершаванай парады расійскага паэта Аляксандра Пушкіна: “Хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца”. Альбо маёй невершаванай: “Ніколі не перабрэхвайся з сабакамі”, – напісаў ён.
Знайшлася ў Статкевіча і парада для “Нашай Нівы”.
“Глыбокапаважаную мной за шматгадовую падтрымку беларушчыны “Нашу Ніву” папрасіў бы не апускацца ў дыскусіі з чалавекам, чые заслугі і пакуты ў барацьбе за свабоду Беларусі бясспрэчныя, да выразаў кшталту “лабуда”. Мо, гэта і павялічвае аўдыторыю, але памяншае павагу”, – дадаў былы палітвязень.