Фото: Telegram-канал Николая Статкевича
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч пераехаў з Мінска ў вясковы дом. Пра гэта ён расказаў у сваім Telegram-канале. Пераезд звязаны са зносам прыватнай забудовы ў Лошыцы, дзе да гэтага жыў палітык.
“Зараз з-за зносу Лошыцы мы пераехалі адтуль. Але, ужо зразумеўшы, што далейшае змаганне з “маім катэджам” бессэнсоўнае, я вырашыў, мабыць, першы раз у жыцці, капітуляваць перад непазбежным.
Таму прызнаюся тут у наяўнасці “катэджа”, у які я нядаўна пераехаў замест выдзеленай у сувязі са зносам дома ў Лошыцы гарадской кватэры”, — напісаў ён, перад гэтым расказаўшы, як на працягу многіх гадоў яму прыпісвалі валоданне трохузроўневым катэджам.
“Бо жыццё гадамі ў бетоннай турэмнай “шафе” памерамі 1×3 метры без магчымасці ўбачыць неба нават скрозь сетку, стварае асаблівае стаўленне да звычайных для іншых людзей рэчаў – дрэў, травы, неба за вокнамі ці над галавой. Да таго ж, не хочацца цягнуць за сабой ў тую новую кватэру сваю звычайную “світу” з судовых выканаўцаў і “праваахоўнікаў” розных тыпаў. Марыне і без таго хапіла стасункаў з імі. Ды й сабак трэба некуды падзець. Зараз у гарадскіх кватэрах забаранілі трымаць болей за двух гадаванцаў. Не выкідваць жа сабак з катамі на вуліцу. Вось так усё супала.
Таму вырашыў пераехаць у пакуль двухузроўневы “катэдж з камінам” у вёсцы. Праўда, там 20 гадоў ніхто не жыў. Прыйшлося доўга яго высушваць”, — сказаў ён.
Мікалай Статкевіч таксама апублікаваў фатаграфію дома, якая была зроблена ў сакавіку гэтага года.
“На фотах ніжэй той катэдж, якім я пабачыў яго ў сёлетнім сакавіку. Цяпер працягваем даводзіць яго да ладу. Дровы на зіму ўжо набылі. І сабакі тут не лішнія. Не дарэмна ж напярэдадні перасялення доблесныя “службы” ледзь не цэлую спецаперацыю праводзілі, каб іх выкрасці. А меншы руды – прыроджаны фартыфікатар, норы, у якіх можа схавацца цалкам, выкопвае на вачах. Так што колькасць узроўняў у “катэджы” можа вырасці да невядомай нікому велічыні. Які прастор для фантазій тутэйшых пінкертонаў!” — напісаў ён.
Палітык таксама запэўніў, што не “залёг на дно”. Да Мінска недалёка, і ёсць рэгулярныя транспартныя зносіны.
“Калі ж у некаторых з’явіцца ідэя паўтарыць тут гісторыю, як у 2010 годзе з Алегам Бебеніным, то на такі выпадак публічна паведамляю, што я па-ранейшаму вельмі люблю жыццё, прыроду і сваіх блізкіх і не магу нават уявіць ніякай нагоды, каб памяняць сваё стаўленне да ўсяго гэтага. Да таго ж прывык даводзіць свае справы да канца.
P. S. Судовым выканаўцам прапаную не ўзбуджацца – “катэдж”, як і ўся маёмасць у ім, мне не належаць”, — падсумаваў Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, супраць яго і іншых абвінавачаных па крымінальнай справе выстаўлены пазоў ад імя дзяржавы на 26 млн рублёў.