У Абу-Дабі пачаўся другі дзень трохбаковых перамоваў ЗША, Украіны і Расіі. Пра гэта праінфармаваў кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў.
“Пачынаем другі перамоўны дзень. Спачатку трохбаковы фармат з ЗША і Расіяй. Пасля гэтага правядзём чарговую сустрэчу з еўрапейскімі партнёрамі”, – паведаміў ён.
Учора сустрэча ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый з еўрапейскімі прадстаўнікамі папярэднічала трохбаковаму фармату.
Прадстаўнік амерыканскага боку Джарэд Кушнер назваў першы дзень перамоваў натхняльным. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што яны былі канструктыўнымі і змястоўнымі.
Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, Расія ў першы дзень вылучала патрабаванні аб абмежаванні дзейнасці НАТА, аналагічныя прад’яўленым у 2021 годзе перад пачаткам уварвання ва Украіну. Таксама ішла гаворка пра абмен палоннымі. Чакаецца, што другі дзень перамоваў будзе прысвечаны тэрытарыяльным пытанням.