Стала вядома пра смерць другога дзіцяці, пацярпелага ў страшным ДТЗ у Светлагорскім раёне

8-гадовы хлопчык, які пацярпеў у страшным ДТЗ у Светлагорскім раёне, памёр у бальніцы. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Андрэй Гаркуша, які знаходзіцца на месцы трагедыі.

Аварыя адбылася сёння каля 15:00 на 18-м кіламетры дарогі Н-5011 «Светлагорск — Сасновы Бор — Палессе». 46-гадовы кіроўца аўтамабіля Mazda не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з грузавым бензавозам МАЗ-6317 пад кіраваннем 29-гадовага кіроўцы.

Загінулі кіроўца легкавога аўтамабіля, яго 11-гадовая дачка і 78-гадовая цешча. 51-гадовая жонка кіроўцы і яе 8-гадовы пляменнік былі дастаўлены ў бальніцу. Нягледзячы на намаганні ўрачоў, хлопчык памёр.

Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэта узбудзіў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб) КК.

Відавочцаў ДТЗ просяць паведамляць інфармацыю па тэлефоне: +375291427794.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!