Фото: БелТА
У Мінску праходзяць антытэрарыстычныя вучэнні краін СНД і ШАС «Еўразія-Антытэрор — 2026». У іх бяруць удзел спецпадраздзяленні Беларусі, Казахстана, Кітая, Ірана, Расіі і Узбекістана. Ад Ірана ў Беларусь прыбыў атрад спецназа КСІР.
Сёння ў рамках вучэнняў адпрацоўвалася вызваленне закладнікаў на «Чыжоўка-Арэне». Паводле легенды, захоп закладнікаў адбыўся падчас хакейнага матча. Тэрарысты праніклі на гульню і адкрылі агонь па заўзятарах і спартсменах.
Яшчэ адзін эпізод вучэнняў — нейтралізацыя ўзброеных груп, якія перасеклі мяжу па вадзе.
«Паводле задумы злачынцы з выкарыстаннем БПЛА і безэкіпажных катараў мелі намер атакаваць крытычна важныя аб’екты. Спецпадраздзяленнем ажыццёўлены пад’ём па трывозе ў паветра ўдарнага беспілотнага лятальнага апарата верталётнага тыпу “Охотник”», — паведамляе МУС.
У гэтым эпізодзе ўдзельнічалі мабільныя агнявыя групы КДБ і САБРа ўнутраных войскаў МУС Беларусі, байцы Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ Расіі на пікапах.