Фото: SpaceX, unsplash.com
Федэральная камісія па сувязі ЗША дазволіла кампаніі SpaceX вывесці на арбіту групоўку з мільёна спадарожнікаў, якія будуць функцыянаваць у якасці дата-цэнтраў.
“Федэральная камісія па сувязі выдала першы ў гісторыі ЗША дазвол на стварэнне групоўкі цэнтраў апрацоўкі даных у касмічнай прасторы. У гэты ключавы для развіцця суперінтэлекту ў Амерыцы момант FCC дала кампаніі SpaceX права разгарнуць 1 млн арбітальных вылічальных модуляў для апрацоўкі каласальных аб’ёмаў даных, прызначаных для выкарыстання на Зямлі”, — гаворыцца ў заяве FCC.
SpaceX павінна пачаць разгортванне групоўкі не пазней за лістапад 2033 года. Да лістапада 2034 года яна абавязаная размясціць 100 тыс. спадарожнікаў, а яшчэ праз тры гады — ужо не менш за 500 тыс.
Праект атрымаў назву Starmind. Мяркуецца, што спадарожнікі будуць знаходзіцца на вышынях ад 500 да 2000 км. Яны змогуць атрымліваць сонечную энергію, а таксама за кошт размяшчэння вылічальных магутнасцяў у космасе мяркуецца вырашыць праблему ахалоджвання.
Праблемай можа стаць размяшчэнне на арбіце такой вялікай колькасці спадарожнікаў, што сур’ёзна ўскладніць абстаноўку.