Снапкоў папярэдзіў рытэйл і імпарцёраў пра ўзмацненне рэгулявання ў выпадку росту цэн

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў правёў чарговую сустрэчу з прадстаўнікамі рытэйлу і імпарцёрамі, прысвечаную насычэнню ўнутранага рынку і цэнавай сітуацыі.

Як паведамілі ў прэс-службе ўрада, асноўнай тэмай стала дынаміка спажывецкіх цэн ва ўмовах адмены цэнавага рэгулявання, сітуацыя на рынку і аналітычная праца дзяржаўных органаў.

Нагадаем, у ліпені ўрад скараціў пералік таварных пазіцый, на якія рэгулююцца цэны. Па выніках жніўня ў краіне быў зафіксаваны невялікі прырост гадавой інфляцыі. Яна павялічылася з 4,4% да 4,5%.

“Удзельнікі сустрэчы канстатавалі, што цэнавая сітуацыя застаецца стабільнай і знаходзіцца пад кантролем. Перадумоў для росту рознічных цэн не назіраецца.

Пры гэтым гандлёвыя сеткі і імпарцёры папярэджаныя пра магчымае аднаўленне цэнавага рэгулявання пры з’яўленні прыкмет неабгрунтаванага росту цэн або ўзмацненні ціску знешніх фактараў”, — паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Таксама МАРГ і МПЗ даручана ўдасканаліць аналітычную сістэму аналізу цэнавай сітуацыі з вызначэннем прычын і абгрунтаванасці росту рознічных цэн.