Сляды рук дапамаглі раскрыць крадзеж барсеткі з валютай і ўпрыгажэннямі ў Віцебску

У Віцебску 31-гадовая жанчына падазраецца ў крадзяжы барсеткі з замежнай валютай і ювелірнымі вырабамі ў знаёмага, у кватэры якога распівала спіртное.

Як паведамілі у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, падчас застолля госця заўважыла барсетку на паліцы шафы. Сыходзячы з кватэры, яна забрала яе з сабой. Выявіўшы знікненне чатырох пярсцёнкаў і грошай, гаспадар звярнуўся ў міліцыю.

Судовы эксперт Віцебскага міжраённага аддзела ДКСЭ выявіў на месцы здарэння сляды рук. Іх праверка дапамагла аператыўна ўстанавіць асобу падазраванай. Ёю аказалася непрацуючая жыхарка Віцебска.

Пасля затрымання міліцыянеры знайшлі ў кватэры іншага знаёмага жанчыны частку скрадзенага. Сярод канфіскаванага былі барсетка, тры ювелірныя вырабы і больш за 4 тысячы долараў.

Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу. Абставіны здарэння высвятляюцца.

Фота: sudexpert.gov.by