Следчы камітэт Беларусі адмовіўся прадаставіць Паўлу Латушку копію прысуду

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 6 кастрычніка накіраваў у Следчы камітэт Беларусі чарговы зварот з патрабаваннем прадставіць копію прысуду па «справе «Каардынацыйнага савета».

Латушка быў завочна прызнаны вінаватым «у здзяйсненні шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці» і 6 сакавіка 2023 года прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, быў арыштаваны яго дом у Ждановічах.

Нягледзячы на вынесены больш як паўтара года таму прысуд, яго копія да гэтага часу не прадстаўлена, адзначае палітык. Паводле яго слоў, гэта парушае патрабаванні артыкула 367 КПК Беларусі, паводле якога копія судовага рашэння павінна быць уручана абвінавачанаму і бакам па справе не пазней чым праз пяць сутак пасля яго абвяшчэння.

У адказ на новы зварот кіраўніка НАУ Следчы камітэт паведаміў, што перанакіраваў запыт у Мінскі гарадскі суд, адначасова прызнаўшы, што не мае намеру выдаваць копію прысуду. У лісце за подпісам начальніка следчага ўпраўлення па Мінску В.А. Любанскага таксама гаворыцца, што далейшыя падобныя заявы будуць пакінутыя без разгляду, а перапіска спыненая.

Раней аналагічная пазіцыя была агучана Мінскім гарадскім судом. Адказаў на звароты да прызначанага дзяржавай адваката і ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў Павел Латушка таксама не атрымаў.

Паводле Латушкі, фактычна ўлады прызнаюць утойванне судовага рашэння і адмову грамадзяніну ў доступе да базавай працэсуальнай інфармацыі, што пазбаўляе права на магчымасць абскарджання прысуду.

Палітык таксама праінфармаваў беларускія ведамствы, што згодна з артыкулам 409 КК адказнасць за захаванасць арыштаванай маёмасці нясе орган, які ажыццявіў арышт. Запыты пра тое, якія меры ў гэтай сувязі былі прынятыя, засталіся без адказу.

«Гэта чарговае пацверджанне бязпраўя і беззаконня ў Беларусі. Не трэба мець ніякіх ілюзій і спадзявацца на тое, што рэжым зменіць сваю палітыку. Трэба рабіць усё, каб змяніць гэты рэжым», — заявіў Павел Латушка.

Скан: t.me/latushka
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!