Складскія запасы ў прамысловасці знізіліся ў жніўні

У Беларусі працягваецца зніжэнне складскіх запасаў у прамысловасці. Паводле даных Белстата, на 1 верасня яны склалі 11,025 млрд рублёў. У параўнанні з 1 жніўня запасы скараціліся на 382,87 млн рублёў.

Зніжэнне запасаў адзначалася ва ўсіх абласцях і Мінску. У Мінску яны скараціліся на 118,7 млн рублёў да 2,28 млрд рублёў.

Найбольшыя запасы пры гэтым былі сфарміраваныя ў Мінскай вобласці — яны складалі 2,55 млрд рублёў, скараціўшыся на 88,4 млн рублёў.

Менш за мільярд рублёў прадукцыі ляжала на складах толькі ў Магілёўскай вобласці — 979,7 млн рублёў.

Узровень складскіх запасаў за жнівень скараціўся на 3,2 п.п. да 75,9% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Год таму ўзровень складскіх запасаў быў на 4,6 п.п. большы і перавышаў 80%.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!