Скіндзераў паскардзіўся на палітычны пераслед і паказаў фота на стэндзе вышуку за дачу хабару

Беларускі бізнесмен Дзмітрый Скіндзераў, якога літоўскія ўлады пазбавілі статусу бежанца і маюць намер выслаць у Беларусь, апублікаваў у сацсетцы X фатаграфію стэнда вышуку беларускай міліцыі са сваёй выявай. На фота інфармацыйнай дошкі «Увага, вышук» пазначана ч. 2 арт. 431 Крымінальнага кодэкса Беларусі (дача хабару).

Пры гэтым сам Скіндзераў сцвярджае, што ў Беларусі яго ўжо шмат гадоў пераследуюць за палітычную дзейнасць. Паводле яго слоў, сілавікі неаднаразова праводзілі ператрусы ў доме яго пажылых бацькоў, а яго брат апынуўся ў зняволенні.

“Літва пазбавіла мяне статусу бежанца і хоча дэпартаваць мяне ў Беларусь. Гэта палітычны пераслед за тое, што я ўзняў пытанне пра скрадзеныя грантавыя сродкі і выказаўся пра Жалімаса [еўрадэпутат Дайнюс Жалімас, які кіраваў віленскім “Цэнтрам права і дэмакратыі”, што дапамагаў беларусам], у дачыненні да якога цяпер вядзецца дасудовае расследаванне. У Беларусі мяне ўжо шмат гадоў шукаюць за палітычную дзейнасць. У доме маіх пажылых бацькоў зноў і зноў праводзяць ператрусы. Майго брата пасадзілі ў турму — узялі ў закладнікі”, – сцвярджае Скіндзераў.

Ён абвінаваціў літоўскія ўлады ў садзейнічанні беларускаму рэжыму і звярнуўся ў допісе да прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы.

«Атрымліваецца, Літва выконвае загады рэжыму Лукашэнкі, ці не так, Гітанас Наўседа? Калі мяне пасадзяць у турму, Джон Коўл прыедзе мяне вызваляць? Ці мяне павінны там забіць, пакуль міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс публікуе спачуванні ў X?» – напісаў ён.

Нагадаем, раней Дэпартамент міграцыі Літвы прыняў рашэнне пазбавіць Дзмітрыя Скіндзерава статусу бежанца. Падставай стала заключэнне літоўскіх спецслужбаў, якія палічылі яго пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Паводле слоў бізнесмена, 3 лістапада яго выклікалі ў Дэпартамент міграцыі, дзе паведамілі пра пазбаўленне статусу і намер выслаць яго ў Беларусь.

Акрамя таго, яму забаранілі ўезд у Літву на 10 гадоў, накіраваўшы адпаведнае паведамленне ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму. У рашэнні літоўскага ведамства са спасылкай на даныя Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі гаворыцца, што падчас пражывання ў Беларусі Скіндзераў падтрымліваў кантакты з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і спецслужбаў. У дакуменце таксама прыводзяцца разведвальныя даныя пра тое, што ён збіраў інфармацыю пра грамадзяніна Беларусі па заданні супрацоўніка ГУБАЗіК.

Сам Скіндзераў адхіляе абвінавачанні ў супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі. У лісце рэдакцыі Reform.news ён заявіў, што ніколі не выконваў іх даручэнняў, а ў ГУБАЗіК звярнуўся самастойна пасля таго, як яму нібыта прапанавалі забіць бізнес-апанента. Скіндзераў паведаміў, што не згодны з рашэннем літоўскіх уладаў і мае намер аспрэчыць яго ў судзе.

Выява: x.com/dskindereu
Калаж: x.com/dskindereu