СК пацвердзіў смерць мужчыны, які страляў у міліцыянераў

Следчы камітэт паведаміў, што жыхар Астравецкага раёна, які адкрыў агонь па міліцыянерах, памёр. Распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 14, арт. 362 (замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса.

СК пацвердзіў версію, якую сёння раніцай прадставілі ў МУС. Міліцыя атрымала сігнал пра тое, што 65-гадовы мясцовы жыхар незаконна захоўвае агнястрэльную зброю і пагражае ёй суседзям. Па месцы жыхарства выехалі міліцыянеры пры падтрымцы спецназа ўнутраных войскаў.

“Паводле папярэдніх даных, пенсіянер аказаў узброенае супраціўленне і зрабіў стрэл у напрамку праваахоўнікаў, стварыўшы рэальную пагрозу іх жыццю і здароўю. У адказ на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікам спецыяльнага падраздзялення прыменена зброя на паражэнне. Ад атрыманых раненняў мужчына памёр”, – гаворыцца ў паведамленні СК.

У доме мужчыны канфіскаваныя паляўнічая стрэльба патроны, два прадметы, падобныя да самаробных пісталетаў, тры патроны да наразной зброі. Па іх прызначаны комплекс экспертных даследаванняў.

Фота: СК
Фота: СК
Фота: СК
Фота: СК
Фота: СК
Фота: СК