Следчы камітэт апублікаваў падрабязнасці начнога нападу пад Смалявічамі. Раніцай прэс-служба МУС паведаміла пра ўзброены разбой. Паводле яе інфармацыі, пацярпелі тры чалавекі, трое нападнікаў-іншаземцаў затрыманыя.
“Паводле даных следства, каля 4 гадзін раніцы 16 лютага трое ўзброеных іншаземцаў (17-18 гадоў) уварваліся ў прыватны дом у аграгарадку Будагова, разбіўшы акно. Выкарыстоўваючы фізічную сілу, біту і пісталеты, яны нанеслі множныя траўмы 63-гадоваму гаспадару, яго 65-гадовай жонцы і 67-гадоваму брату”, – расказалі ў СК.
У доме была ўсталявана трывожная кнопка Дэпартамента аховы. Гаспадар паспеў націснуць яе перад тым, як было разбіта акно. На месца прыехалі супрацоўнікі Дэпартамента аховы, якія затрымалі нападнікаў.
Пацярпелыя шпіталізаваныя, высвятляецца ступень цяжкасці атрыманых цялесных пашкоджанняў. Іх жыццю нічога не пагражае.
Як паведамілі ў ДКСЭ, здарэнне адбылося ў вёсцы Будагова. Нападнікі былі ўзброеныя бітай і двума траўматычнымі пісталетамі.
Пра матывы нападнікаў пакуль нічога не паведамляецца.
Дапоўнена
МУС апублікавала падрабязнасці допыту затрыманых. Аказалася, што заказ яны знайшлі ў Telegram.
“У ходзе размовы з Міністраў унутраных спраў Іванам Кубраковым затрыманыя расказалі, што атрымалі прапанову аб злачыннай падпрацоўцы ў Telegram. Іншаземцам загадалі прыбыць у аг. Будагова Смалявіцкага раёна, знайсці дом ахвяры, збіць мужчыну і даслаць відэасправаздачу заказчыку. За выкананую працу абяцалі 300 тысяч рублёў.
Трое маладых людзей ва ўзросце 17 і 18 гадоў прыехалі ў Мінск, папярэдне ўзброіўшыся нажом, кастэтам, бітай, пісталетамі, газавым балончыкам, узялі каршэрынгавы аўтамабіль і накіраваліся для выканання задання”, – гаворыцца ў паведамленні.





