Сіноптыкі ўпершыню ў новым асенне-зімовым сезоне абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі з-за галалёдзіцы.
“Уначы і раніцай 5 лістапада (чацвер) на асобных участках дарог рэспублікі чакаецца галалёдзіца”, – гаворыцца ў папярэджанні.
Заўтра надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, па паўночна-ўсходняй палове краіны адаб’ецца ўплыў малаактыўных атмасферных франтоў.
Чакаецца воблачна з праясненнямі. Пераважна па паўночна-ўсходняй палове невялікія ападкі (дождж, уначы з мокрым снегам). Вецер паўночна-заходні ўмераны, удзень у асобных раёнах парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -2… +3°С, максімальная ўдзень +6… +11°С.