Сілавікі зноў палохаюць карыстальнікаў Threads

Беларускія сілавікі зноў выступілі з пагрозамі карыстальнікам Threads. У пачатку чэрвеня Следчы камітэт ужо заяўляў пра ўзмацненне кантролю за допісамі беларусаў у Threads і TikTok. Гэтым разам выказалася прадстаўніца МУС.

«Мы з вамі неаднаразова разбіралі і гаварылі ў адной з вашых праграм наконт Threads. На сённяшні момант гэта сапраўды пагроза бяспецы. Чаму? Таму што многія людзі ўвогуле не разумеюць гэтую сацыяльную сетку. У Threads, паводле ўсіх апошніх даследаванняў, у асноўным узроставая катэгорыя — 30–40 гадоў. Гэта самая актыўная катэгорыя, якая таксама хоча быць у трэндзе.

Усе выдатна зразумелі адно: дастаткова напісаць нейкую эсэмэску ў Threads… Напрыклад, мне не спадабалася, якія прадукты на паліцы, альбо мне не спадабалася, як паглядзеў на мяне супрацоўнік ДАІ, альбо мне не спадабалася, як прайшоў міма і здзейсніў нейкае дзеянне ў дачыненні… У нас адразу ўсё размяшчаецца ў сацыяльных сетках», — сказала ў эфіры СТБ начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Наталля Сахарчук.

Паводле яе слоў, калі чалавек нечым незадаволены або заўважыў несправядлівасць, трэба не пісаць у сацыяльныя сеткі, а звяртацца ў міліцыю.

«Ёсць адно залатое правіла. Калі вы валодаеце звесткамі пра здзяйсненне злачынства альбо пра яго падрыхтоўку, альбо вы сапраўды ведаеце пра парушэнне, у прыватнасці правілаў дарожнага руху, у вас ёсць такое відэа, размяшчайце, калі ласка. Ёсць чат-бот, ёсць супрацоўнікі міліцыі, ёсць тэлефон 102. Але не, на жаль, усе хочуць сябе раскруціць. Усе забываюць пра элементарнае правіла: за ўсе свае словы трэба адказваць», — дадала яна.

Сахарчук таксама заявіла, што ўжо ёсць факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці аўтараў допісаў, размешчаных у сацыяльных сетках.

«У нас неаднаразова былі выяўленыя падчас маніторынгу такія допісы, за якія людзі панеслі адміністрацыйную адказнасць. А я хачу сказаць, што можна быць прыцягнутым не толькі да адміністрацыйнай адказнасці, але і да крымінальнай. Таму што трэба думаць галавой, што вы размяшчаеце ў любой з сацыяльных сетак, таму што наступствы не прымусяць сябе чакаць», — дадала яна.

Прадстаўніца МУС запэўніла, што супрацоўнікі міліцыі 24 гадзіны на суткі сем дзён на тыдзень займаюцца маніторынгам інтэрнэту.

«Прычым мы практычна прысутнічаем усюды. І бачым, дзе што пішуць, як пішуць. І, вядома ж, калі гэта сапраўды інфармацыя, на якую неабходна рэагаваць, рэагаванне адбываецца імгненна», — запэўніла яна.