Сілавікі адпрацавалі разгон падлеткаў і жанчын

У рамках камандна-штабнога вучэння МУС сілавікі адпрацавалі разгон падлеткаў і жанчын.

У першым эпізодзе супрацоўнікі МУС правялі затрыманні падлеткаў, якія сабраліся каля гандлёвага цэнтра для «масавых беспарадкаў». Арганізатараў выявілі, участак блакавалі, затрыманых адвялі ў службовы транспарт.

Другі эпізод прадугледжваў несанкцыянаванае мерапрыемства на плошчы з удзелам жанчын. МУС заявіла пра акцэнт на «манеўраныя групы супрацоўніц» пры разгоне.

Яшчэ адзін эпізод — «групавое парушэнне грамадскага парадку з падпалам» на адной з плошчаў і спроба прарыву ланцуга сілавікоў з выкарыстаннем мікрааўтобуса. Супрацоўнікі МНС ліквідавалі агонь, а сілавікі блакавалі транспарт і правялі затрыманні.

Таксама адпрацоўваліся меры пры перакрыцці дарог натоўпам і захоп адміністрацыйнага будынка з падпалам.

«Фінальны этап — маштабная спецаперацыя па затрыманні ўдзельнікаў масавых беспарадкаў з перакрыццём вуліцы, працай дронаў, беспарашутным дэсантаваннем байцоў спецпадраздзяленняў з верталёта, блакаваннем участка і арганізацыяй калідора для эвакуацыі людзей», — паведамляе МУС.

Нагадаем, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што сілавікі будуць выкарыстоўваць новую тактыку пры разгоне пратэстаў — поўную зачыстку і ўзяцце пад кантроль вуліц.

Вучэнні МУС працягнуцца да 27 лістапада.