Сі Цзіньпін заявіў пра дамоўленасць падтрымліваць стабільныя гандлёва-эканамічныя адносіны з ЗША

Кітай і ЗША дамовіліся падтрымліваць стабільнасць у гандлёва-эканамічных адносінах. Пра гэта заявіў старшыня КНР Сі Цзіньпін сёння раніцай падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Чжуннаньхаі.

Як паведамляе “Сіньхуа”, Сі Цзіньпін назваў візіт Трампа гістарычным. Паводле яго слоў, КНР і ЗША выпрацавалі новую пазіцыю для канструктыўных і стабільных адносін. Яны таксама “дасягнулі важнага кансэнсусу па падтрымцы стабільных эканамічных і гандлёвых адносін, пашырэнні прагматычнага супрацоўніцтва ў розных галінах і належным уліку інтарэсаў адзін аднаго, а таксама дамовіліся аб умацаванні камунікацыі і каардынацыі па міжнародных і рэгіянальных пытаннях”.

“Візіт спрыяе развіццю ўзаемаразумення, паглыбленню ўзаемнага даверу і павышэнню дабрабыту народаў абедзвюх краін. Гэта таксама яшчэ раз дэманструе, што дасягненне мірнага суіснавання і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Злучанымі Штатамі на аснове ўзаемнай павагі і пракладанне правільнага шляху для ўзаемаразумення з’яўляецца жаданнем народаў абедзвюх краін і чаканнем народаў свету.

Прэзідэнт Трамп спадзяецца зрабіць Амерыку зноў вялікай, і я поўны рашучасці ўзначаліць кітайскі народ у ажыццяўленні вялікага адраджэння кітайскай нацыі. Кітай і Злучаныя Штаты могуць спрыяць свайму развіццю і адраджэнню праз умацаванне супрацоўніцтва. Абодва бакі павінны выконваць дасягнутыя намі важныя дамоўленасці, беражліва захоўваць з цяжкасцю набраны пазітыўны імпульс, памятаць пра абраны кірунак, ухіляць умяшанне і садзейнічаць стабільнаму развіццю двухбаковых адносін”, — сказаў кіраўнік КНР.

Трамп у сваю чаргу назваў свой візіт вельмі паспяховым. Паводле яго слоў, “бакі дасягнулі шэрагу важных дамоўленасцяў, заключылі некалькі пагадненняў і ўрэгулявалі многія пытанні, што ў значнай ступені выгадна абедзвюм краінам і свету”. Трамп таксама назваў Сі Цзіньпіна сваім даўнім сябрам, адзначыў добрыя адносіны паміж імі. Ён выказаў упэўненасць у поспеху далейшых адносін паміж дзвюма краінамі і запрасіў Сі Цзіньпіна ў Вашынгтон.

«Гэта быў неверагодны візіт. Думаю, ён прынёс шмат карысці», — цытуе Трампа Reuters.

«Мы заключылі некалькі фантастычных гандлёвых пагадненняў, сапраўды выгадных для абедзвюх краін», — сказаў ён.

Пасля сумеснага абеду Трамп адправіўся ў аэрапорт.

Фота: “Сіньхуа”
Фота: “Сіньхуа”
Фота: “Сіньхуа”
Фота: “Сіньхуа”
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!