Швейцарская пракуратура спыніла разгляд скаргі Наталлі Хершэ аб зняволенні ў Беларусі

Генеральная пракуратура Швейцарыі спыніла разгляд скаргі былой беларускай палітзняволенай Наталлі Хершэ.

Хершэ, грамадзянка Беларусі і Швейцарыі, падавала скаргу аб злачынствах супраць чалавечнасці.

Пракурор пагадзіўся, што ўмовы зняволення Хершэ былі «надзвычай цяжкімі» і «часткова прыніжальнымі для годнасці», але адзначыў, што гэта звычайныя недахопы турмаў аўтарытарнага рэжыму, а не катаванні. Ён таксама адзначыў, што 13 беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх была пададзена скарга, ніколі не бывалі ў Швейцарыі.

Апеляцыя на рашэнне пракуратуры аб спыненні разгляду так і не была разгледжана, бо даверанасць паступіла занадта позна, паведамляе сайт Gotham City.

Наталля Хершэ — грамадзянка Беларусі і Швейцарыі. У 2020 годзе ў Беларусі яе прыгаварылі да 2,5 года калоніі за тое, што на адным з жаночых маршаў сарвала з амапаўца балаклаву.

У верасні 2021 года ёй змянілі ўмовы рэжыму, перавялі з калоніі ў турму: у калоніі яна адмаўлялася шыць форму для сілавікоў. Наталля выйшла на волю ў лютым 2022 года, правёўшы ў зняволенні 17 месяцаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!