Шулейка адпраўлены ў адстаўку

Віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка адпраўлены ў адстаўку. Гэта вынікае з указа №414 ад 23 лістапада, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

“Вызваліць Шулейку Юрыя Вітольдавіча ад пасады Намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь у сувязі з выхадам у адстаўку”, – гаворыцца ў дакуменце.

Учора Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага віцэ-прэм’ера, які адказвае за аграпрамысловы комплекс. Ім стаў Аляксандр Ломскі. Паводле слоў Лукашэнкі, Шулейка будзе адпраўлены ў Гродзенскую вобласць на “канкрэтны ўчастак” працы. Пры гэтым ён не ўдакладніў, дзе будзе працаваць былы віцэ-прэм’ер і на якой пасадзе.

Шулейку 58 гадоў. За сваю кар’еру ён паспеў пабываць дырэктарам Лідскага мясакамбіната, узначальваў аб’яднанне «Гроднамясамалпрам», працаваў у Гродзенскім аблвыканкаме, быў памочнікам Лукашэнкі па Гомельскай вобласці. З 2021 па 2024 гады ўзначальваў Брэсцкую вобласць, а летам 2024 года стаў віцэ-прэм’ерам.