Што цяпер з дзяўчынкай, на якую ўпала велізарная глыба снегу з даху Dana Mall

17-гадовая мінчанка Дыяна Булаўская, на якую ў студзені ўпала глыба снегу з даху Dana Mall, праз дзесяць месяцаў перамяшчаецца ў інвалідным крэсле. Пра яе стан у сацсетках расказала сястра Анастасія.

Дыяна ў бальніцы. Фота: threads.com/@akolosovskayaaa

Паводле яе слоў, дзяўчына атрымала пералом-вывіх грудных пазванкоў Th5–Th6 з ударам і сцісканнем спіннога мозгу, множныя пераломы рэбраў, пашкоджанні лёгкіх і парушэнне функцыі тазавых органаў. Ніжэй за ўзровень грудзей адчувальнасці няма. Цяпер пацярпелай 18 гадоў. Яна прайшла два курсы рэабілітацыі ў Казахстане, а ў Кітаі ёй увялі ствалавыя клеткі.

Увечары 17 студзеня 2026 года снег скідалі ўніз, не выставіўшы нармальнай агароджы і не пераканаўшыся ў тым, што ўнізе няма пешаходаў. Снежная глыба ляцела з вышыні 18 метраў і прычыніла цяжкую шкоду здароўю адзінаццацікласніцы Дыяны.

Дыяна ў бальніцы. Фота: threads.com/@akolosovskayaaa

53-гадовы гастарбайтар, які скінуў глыбу снегу з даху будынка, атрымаў тэрмін за ўчыненае — тры месяцы арышту паводле артыкула 155 КК (“Цяжкае цялеснае пашкоджанне па неасцярожнасці”). Але галоўны судовы разгляд яшчэ наперадзе. Ён датычыцца 33-гадовага дырэктара гандлёвага цэнтра: яму інкрымінуюць службовую халатнасць з цяжкімі наступствамі (ч. 2 арт. 428 КК).

Дыяна з сястрой Анастасіяй да здарэння. Фота: threads.com/@akolosovskayaaa
Дыяна да здарэння. Фота: threads.com/@akolosovskayaaa

Прэтэнзіі следства — у тым, што падрадчыкам для выканання небяспечных работ аказалася рэкламная фірма без нарада-допуску, а чацвёра мужчын, якія чысцілі снег, не былі ні аформленыя, ні праінструктаваныя. Дырэктару пагражае ад трох да пяці гадоў абмежавання волі альбо ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі; пад варту яго не бралі, абмежаваўшыся закладам. 12 кастрычніка матэрыялы перадалі пракурору для накіравання ў суд. Сястра пацярпелай піша, што разгляд справы вось-вось пачнецца.

Дыяна ў інвалідным крэсле. Фота: threads.com/@akolosovskayaaa

Яна тлумачыць, што магчымасці рэабілітацыі дзяўчыны ў Беларусі абмежаваныя, дапамогу даводзіцца шукаць за мяжой, і гэта патрабуе значных выдаткаў. Амаль год сям’я спраўлялася сама, але цяпер родныя дзяўчыны просяць дапамогі. Яны адкрылі збор на далейшае лячэнне і рэабілітацыю.