Шпіёнскі трылер пра беларускую дыктатуру прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Кніга французскага пісьменніка Марка Леві «Ноа» прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў Беларусі. Рашэнне пра гэта прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

«Ноа» — шпіёнскі трылер, дзеянне якога адбываецца ў Беларусі. Дзеянне рамана разгортваецца ў 2020-2022 гадах. Вясной 2020 года хатняя гаспадыня Святлана атрымала перамогу на прэзідэнцкіх выбарах пасля 27-гадовага кіравання дыктатара Лучына. Спецслужбы вывозяць Святлану з дзецьмі за мяжу, а яе мужа Мікалая адпраўляюць у турму. У Беларусі пачынаюцца рэпрэсіі. У Мінску гіне журналістка, якая расследавала карупцыю сярод вышэйшага кіраўніцтва.

Паводле сюжэта рамана, міжнародная група хакераў-актывістаў (Група 9) вырашае ўмяшацца і пачынае кібераперацыю супраць рэжыму дыктатара Лучына: хакеры ўзломваюць закрытыя базы даных КДБ, вылічваюць таемныя афшорныя рахункі кіраўніцтва краіны, перахопліваюць кіраванне дзяржтэлебачаннем, вывозяць з краіны сем’і рэпрэсаваных актывістаў і дапамагаюць апазіцыянерам пазбегнуць арыштаў.

У спіс «экстрэмісцкіх» таксама ўключаныя:

  • акаўнты ў Threads «Ілля Міронаў | Concert Promoter», «Aleks,» «volnybelarus» і «kalifornija.324m»;
  • цікток-акаўнт «S&B»;
  • фейсбук-акаўнты «Анатоль Міхайлаў», «Алег Лазоўскі» і «The Belarusian-American Association DS»;
  • каналы Алега Шаландзіна і «Полковник Трухан» у Telegram, YouTube, Rutube, VK Video і месенджары Max, а таксама тэлеграм-чат «Чат Олег Шаландин».

Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!