Сейм Литвы. Фото: facebook.com/LRSeimas
Сейм Літвы прыняў да разгляду законапраект, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у закон, якім устанаўліваюцца абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі.
Законапраект у літоўскім парламенце прадставіў намеснік міністра замежных спраў Відмантас Вербіцкас. Прапануецца ўвесці забарону на набыццё нерухомасці паблізу аб’ектаў, якія маюць важнае значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Яна будзе датычыцца ўладальнікаў часовага і пастаяннага віду на жыхарства, а таксама асоб з ліку грамадзян Беларусі і РФ, якія не маюць іх.
Папраўкі таксама прадугледжваюць забарону для грамадзян Расіі і Беларусі, асоб, якія пражываюць у гэтых краінах, юрыдычных асоб, створаных у іх, арганізацый без правасуб’ектнасці або іх падраздзяленняў на ажыццяўленне грамадскай дзейнасці ў сферах адукацыі, навукі і даследаванняў, культуры, спорту, мастацтва і забаў у Літве.
Пасля прадстаўлення праекта яго ўхвалілі 93 дэпутаты. 4 парламентарыі ўстрымаліся.
Праект накіраваны на разгляд у камітэты па нацыянальнай бяспецы і абароне, а таксама па замежных справах.
Сейм вернецца да разгляду законапраекта 19 лістапада.