Фото: president.lv
Сейм Латвіі 15-га склікання вырашыў не ствараць дэпутацкія групы па развіцці супрацоўніцтва з парламентамі Беларусі і Расіі. Рашэнне прынята 3 лістапада на пазачарговым пасяджэнні, паведаміла прэс-служба парламента.
Адмова распаўсюджваецца на цяперашняе скліканне. У Сейме падкрэслілі, што такім чынам Латвія пацвярджае нязменную падтрымку Украіны і салідарнасць з яе народам.
У прынятым рашэнні адзначаецца, што расійскае ўварванне парушае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Беларусь, прадаставіўшы сваю тэрыторыю для агрэсіі, таксама парушыла міжнародныя абавязацельствы.
Сейм прызнаў стварэнне групы супрацоўніцтва з беларускім парламентам несумяшчальным з міжнародным правам і дэмакратычнымі каштоўнасцямі, пакуль Беларусь не спыніць парушэнні міжнароднага права ў дачыненні да Украіны і цалкам не кампенсуе нанесеную ёй шкоду.
Для Расіі пералічаныя таксама патрабаванні вывесці войскі з Украіны і цалкам аднавіць яе тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт.
Яшчэ адной падставай для адмовы ад супрацоўніцтва названыя санкцыі ЕС і ЗША ў дачыненні да значнай часткі дэпутатаў расійскай Дзярждумы і беларускага Нацыянальнага сходу. У рашэнні згадваецца іх падтрымка акупацыі і анексіі ўкраінскіх тэрыторый, рэпрэсій, парушэнняў правоў чалавека і ўдзелу беларускага рэжыму ў расійскай вайне супраць Украіны.