Фото: СБУ
Контрразведка Службы бяспекі Украіны затрымала ўкраінку, якая ў 2022 годзе ваявала супраць Украіны. Жанчына спрабавала вярнуцца ва Украіну праз Беларусь.
Да вайны жанчына працавала медсястрой у Данецкай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. У канцы лютага 2022 года яна добраахвотна далучылася да расійскай арміі і ўступіла ў 91-ы асобны стралковы полк 1-га армейскага корпуса Паўднёвай ваеннай акругі РФ. Жанчына атрымала званне сяржанта і служыла ў расійскіх войсках да жніўня 2024 года, паведамляе СБУ.
Пасля звальнення з УС яна вырашыла выехаць з акупаванай тэрыторыі ў ЕС, але для гэтага ёй трэба было аднавіць украінскі замежны пашпарт. Жанчына вырашыла трапіць ва Украіну праз Беларусь і перайшла беларуска-ўкраінскую мяжу ў пункце пропуску «Даманава».
Украінку затрымалі ў адной з гасцініц у Ковелі. Падчас ператрусу ў яе выявілі расійскі пашпарт, ваенныя білеты арміі РФ, пасведчанне ветэрана РФ і расійскія рублі.
Затрыманай выстаўлена падазрэнне па артыкуле аб здрадзе дзяржаве, учыненай ва ўмовах ваеннага становішча. Яна знаходзіцца пад вартай.