Игорь Секрета. Скриншот видео
У Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы будуць удзельнічаць прадстаўнікі найбуйнейшых рэгіянальных арганізацый. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта. Ён нават згадаў генеральнага сакратара АБСЕ.
“Чакаем вялікай цікавасці, вельмі актыўнай дыскусіі, цікавых прапаноў на канферэнцыі. Даволі вялікая будзе сесія адкрыцця, там можна сустрэць вельмі шмат знакавых фігур, у тым ліку будзе ўдзельнічаць генеральны сакратар АБСЕ.
Магчымасць сабраць на адной пляцоўцы прадстаўнікоў найбуйнейшых рэгіянальных арганізацый у нас упершыню. І цікавасць былых кіраўнікоў – гэта вынік той працы, якую мы праводзім з гэтымі арганізацыямі. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё ж тыя ідэі і тыя думкі, якія мы агучваем і абмяркоўваем на пляцоўцы канферэнцыі, не сыходзяць у пустэчу”, – сказаў ён, перадае БелТА.
Паводле яго слоў, мэта арганізатараў канферэнцыі – стварыць “нейтральную пляцоўку”, якая будзе спрыяць “актыўнаму ўцягванню краін еўрапейскай часткі нашага кантынента” ў абмеркаванне і вырашэнне “пытанняў міжнароднай бяспекі”.
“Наша мэта як арганізатараў – гэта прымусіць сумнявацца тых, у каго ёсць уяўленне, што на ўсход ад Буга знаходзяцца нейкія варожыя дзяржавы. Гэта не так.
Мы хочам пасеяць сумненні, мы хочам прымусіць сумнявацца, задаваць пытанні, уступаць у кантакт, прымусіць прыехаць новых або падштурхнуць да таго, каб прыехалі новыя эксперты, звярнуць на сябе ўвагу нашых калег з еўрапейскіх знешнепалітычных ведамстваў”, – дадаў ён.