Саўмін будзе субсідаваць з бюджэту крэдыты на закупку бычкоў для адкорму

Савет міністраў пастановай №581 ад 10 лістапада прыняў рашэнне аб падтрымцы мясной жывёлагадоўлі. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасля апублікавання.

У адпаведнасці з ім, з бюджэту будуць прадастаўляцца субсідыі на выплату часткі працэнтаў па крэдытах, якія выдаюцца на закупку бычкоў для адкорму. Яны будуць аналагічнымі субсідыям па крэдытах, якія выдаюцца на правядзенне сельгасработ.

Субсідавацца будуць крэдыты, якія прадастаўляюцца “Беларусбанкам” і “Белаграпрамбанкам” у перыяд з 2026 года па 30 чэрвеня 2029 года на тэрмін да паўтара года. Устаноўлены агульны ліміт запазычанасці па такіх крэдытах у 90 млн рублёў. Стаўка па крэдытах будзе ўстаноўлена ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка, павялічанай на 3%, але не вышэй за памер разліковай велічыні стандартнай рызыкі.

Крэдыты змогуць браць сельгасарганізацыі і мясаперапрацоўчыя арганізацыі, уключаныя ў пералікі, якія вызначаюцца аблвыканкамамі.

Памер субсідый складзе: палову стаўкі рэфінансавання за кошт рэспубліканскага бюджэту і палову стаўкі рэфінансавання за кошт мясцовага бюджэту. Такім чынам, рэальная стаўка па крэдытах для іх атрымальнікаў складзе 3% і менш.