Рыжанкоў і Хрэнін ацанілі перспектывы пацяплення адносін з Польшчай

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў спадзяецца на пацяпленне адносін з Польшчай. Кіраўнік абароннага ведамства Віктар Хрэнін папярэджвае суседку пра ваенныя рызыкі. Так у праграме беларускага тэлебачання “Галоўны эфір” асвятлілі тэму размовы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Польшчы, якая адбылася больш за тыдзень таму.

“Ну я спадзяюся”, – адказаў Рыжанкоў на пытанне, ці стане цяплей з Польшчай.

“Размова была вельмі такая насычаная абмеркаваннем пытанняў, не нейкімі ўзаемнымі прэтэнзіямі. Узаемных прэтэнзій не было ўвогуле, таму што і мы, і палякі разумеем, што рухацца наперад трэба. І я скажу, што вельмі добра, што такая сустрэча адбылася, яна была вельмі своечасовай. І, уласна, пытанні, якія мы абмяркоўвалі, вельмі актуальныя ў прынцыпе, для нашых краін”, – працягнуў ён.

Паводле слоў Рыжанкова, “польская блогасфера” пазітыўна адрэагавала на яго сустрэчу з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

“І тое, што мы зрабілі зрэз блогасферы польскай і паглядзелі, як да гэтага ставіцца грамадскасць польская, 80%, у прынцыпе, практычна на поўную радаваліся таму, што пачаліся нейкія палітычныя сігналы з абодвух бакоў, якія дазваляюць гаварыць пра тое, што адносіны пачынаюць нармалізавацца. Гэтага чакаюць усе. Грамадства чакае і ў Польшчы гэтага, і грамадства чакае гэтага ў Беларусі.

Але, нагадаю, не мы ўводзілі першымі санкцыі, не мы закрывалі там пераходы, не мы спынялі супрацоўніцтва па лініі ўсіх сілавых ведамстваў па ахове нашай мяжы. Таму я сказаў: мы гатовыя да аднаўлення адносін, да аднаўлення гандлёвага супрацоўніцтва, аднаўлення больш актыўнага ўзаемадзеяння на мяжы. І, уласна кажучы, польскі бок гэта ўжо бачыць. І, уласна кажучы, папракнуць нас няма ў чым”, – сказаў Рыжанкоў.

Аднак аўтары праграмы ўсё ж вырашылі тут жа папракнуць Польшчу ў стварэнні новых ваенных падраздзяленняў у прыгранічных з Беларуссю ваяводствах. У якасці каментарыя быў пастаўлены запіс слоў міністра абароны Віктара Хрэніна.

“Мы спрабуем усё ж выйсці на дыялог, каб не адбылося самага дрэннага. Яно можа з дробнага канфлікту разгарэцца ў вялікі. Таму глядзім, не спім самі, рыхтуем свае ўзброеныя сілы, рыхтуем сваю ваенную арганізацыю дзяржавы, сваіх людзей, свой народ для таго, што, калі трэба, то, як прэзідэнт сказаў, мы ні пядзі зямлі сваёй не збіраемся нікому аддаваць, станем усе на абарону”, – сказаў ён.