Рыжанкоў хоча актыўна падключацца да мірнага ўрэгулявання паміж РФ і Украінай

Беларусь хоча адыгрываць актыўную ролю ў мірным урэгуляванні паміж Расіяй і Украінай. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

“Мы і далей будзем актыўна падключацца да пытанняў мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне”, – сказаў ён у Маскве на пасяджэнні органаў АДКБ, нагадаўшы пра ўдзел беларускага боку ў гуманітарнай аперацыі ў Алешках.

Тады праз Беларусь у Алешкі адправілася амерыканская дэлегацыя, а затым праз краіну праехалі жыхары населенага пункта, якія пажадалі быць эвакуяванымі на тэрыторыю пад кантролем Украіны.

“Карыслівы геапалітычны інтарэс Еўрасаюза і яго жаданне нанесці стратэгічнае паражэнне Расіі перашкаджаюць урэгуляванню канфлікту ва Украіне. Таму мы разлічваем, што трохбаковыя перамовы Расія – ЗША – Украіна, якія праходзяць у гэты момант у Абу-Дабі, дазволяць як мага хутчэй выйсці на мірныя дамоўленасці”, – дадаў Рыжанкоў.