Рыжанкоў абмеркаваў транзіт беларускай прадукцыі праз парты Туркменістана

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком МЗС Туркменістана Рашыдам Мерадавым. Перамовы прайшлі 7 кастрычніка ў Нацыянальнай турыстычнай зоне «Аваза» ў рамках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД.

Бакі абмеркавалі развіццё двухбаковых адносін, у тым ліку працу Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і будучыя эканамічныя мерапрыемствы.

Асобную ўвагу надалі гандлю, транспартна-лагістычнаму супрацоўніцтву і выкарыстанню партовай інфраструктуры Туркменістана для транзіту беларускай прадукцыі. Таксама абмяркоўвалася магчымасць стварэння транзітных хабаў і аднаўлення авіязносін паміж Мінскам і Ашхабадам.

Таксама гаворка ішла пра ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, бакі адзначылі “блізкасць падыходаў” дзвюх краін па шэрагу пытанняў міжнароднага парадку дня.

Па выніках сустрэчы міністры падпісалі Праграму супрацоўніцтва паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Туркменістана на 2027–2028 гады.

Рыжанкоў запрасіў Мерадава наведаць Беларусь з афіцыйным візітам, паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.

Фота: t.me/BelarusMFA