Рыжанкоў абмеркаваў адкрыццё пасольства ў КНДР

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў працягнуў сустрэчы ў кулуарах 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Яго суразмоўцамі сталі прадстаўнікі КНДР і Кубы.

З намеснікам міністра замежных спраў КНДР Кім Сон Гёнам Рыжанкоў абмеркаваў адкрыццё пасольства Беларусі ў Пхеньяне. Бакі адзначылі якасна новы ўзровень, на які выйшлі іх адносіны. Таксама ішла гаворка пра рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Паўночную Карэю.

Рыжанкоў і Кім Сон Гён дамовіліся актывізаваць намаганні па завяршэнні працы над пагадненнем аб бязвізавых паездках для грамадзян дзвюх краін.

Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Кубы Бруна Радрыгесам Парыльям Рыжанкоў пацвердзіў нязменную падтрымку кубінскага народа. Ён выказаў сур’ёзную занепакоенасць сітуацыяй, якая складваецца вакол Кубы. Паводле слоў Рыжанкова, Мінск працягвае гуманітарную падтрымку Гаваны. У верасні на востраў была дастаўленая чарговая партыя гуманітарнай дапамогі, якая ўключала сухое малако і медыкаменты.

Бруна Радрыгес Парылья праінфармаваў пра эканамічныя рэформы, якія праводзяцца кіраўніцтвам Кубы з мэтай пераадолення наступстваў паліўнай блакады дзяржавы.

Фота: МЗС