Фото: пресс-служба Лукашенко
У Мінску разлічваюць на тое, што ЗША паўплываюць на Еўрасаюз у спрыяльным для беларускіх уладаў ключы. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік нашай краіны пры ААН Валянцін Рыбакоў пасля даклада Аляксандру Лукашэнку, які быў прысвечаны перамовам з амерыканскім бокам.
“ЗША ўзаемадзейнічаюць з Еўрасаюзам з улікам тых рашэнняў, якія ЗША ўжо прынялі ў дачыненні да Беларусі, напрыклад, па зняцці санкцыйных абмежаванняў. ЗША могуць паўплываць на дзяржавы ЕС у тым, каб нейкія пытанні нашага ўзаемадзеяння з еўрапейскімі дзяржавамі развіваліся больш станоўчым чынам.
Ні для каго не сакрэт, што ў ЗША асаблівыя адносіны з ЕС. Ёсць пэўны аўтарытэт і магчымасці для таго, каб уздзейнічаць у станоўчым для нас ключы на нейкія рашэнні, якія прымаюць дзяржавы ЕС”, – цытуе Рыбакова БелТА.
Падчас даклада Лукашэнка таксама згадаў, што ў рамках працэсу з ЗША ёсць месца і ўзаемаадносінам Беларусі з Еўрасаюзам.
Трэба адзначыць, што пасля вясновага візіту ў Мінск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла і зняцця санкцый з “Беларуськалія” ў літоўскай прэсе з’явіліся публікацыі пра спробу з боку Злучаных Штатаў паўплываць на Літву ў санкцыйным пытанні і дамагчыся транзіту калійных угнаенняў. Аднак яна пакуль не ўвянчалася поспехам. Пры гэтым пасля вераснёўскага візіту ў Мінск Коўл таксама праводзіў перамовы ў Вільнюсе і Рызе.
На гэтым фоне на палях сесіі Генасамблеі ААН адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы Максіма Рыжанкова і Радаслава Сікорскага.