Георгий Тихий. Фото: mfa.gov.ua
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі пракаментаваў рашэнне беларускага суда прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram спецпасланніка ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства па Беларусі Яраслава Чарнагора.
У сацсетцы X ён перапосціў паведамленне Чарнагора і заявіў, што ўлады Беларусі спрабуюць «заглушыць незалежныя галасы», выкарыстоўваючы механізм прызнання інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
«Рэжым Лукашэнкі баіцца ўласнага ценю. Мінск спрабуе прымусіць замаўчаць незалежныя галасы, уключаючы акаўнт у Instagram спецыяльнага прадстаўніка МЗС Украіны па Беларусі Яраслава Чарнагора ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Гэта ідзе ўслед за аналагічнымі крокамі супраць East Stratcom Task Force, праграм SALT, «Адукацыя для беларусаў», якія падтрымліваюцца ЕС, і Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы. Мінск прытрымліваецца сцэнарыя Масквы, каб прымусіць замаўчаць іншадумства і пасеяць страх сярод уласнага народа», – напісаў прадстаўнік украінскага МЗС.
“Мы далучаемся да ЕС у патрабаванні неадкладнай адмены гэтых рашэнняў, забеспячэння свабоднага доступу да інфармацыі для беларусаў і спынення рэпрэсій. Мы заклікаем узмацніць ціск на абодва рэжымы, якія працягваюць пагражаць еўрапейскай бяспецы”, – дадаў ён.
Сам Чарнагор сёння таксама паведаміў, што яго Instagram быў уключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі.
“У адпаведнасці з рашэннем беларускага суда мой акаўнт у Instagram быў уключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падставай для гэтага рашэння стаў пост аб незалежнасці Украіны і праве беларускага народа самастойна вызначаць будучыню сваёй краіны”, – напісаў ён.
Нагадаем, 25 жніўня суд Горацкага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт Яраслава Чарнагора, які займае пасаду спецпасланніка МЗС Украіны па Беларусі і адказвае за кантакты з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл.
Абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ў Беларусі для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.