Рэактыўны беспілотнік «Герань-4» разбіўся ў Малдове

Паліцыя Малдовы назвала тып беспілотніка, які выбухнуў у Брычанскім раёне краіны. Яго абломкі былі знойдзеныя 24 верасня.

Паводле інфармацыі паліцыі, апублікаванай сёння раніцай, хутчэй за ўсё, гэта быў рэактыўны беспілотнік «Герань-4». Паліцэйскія знайшлі рэактыўны рухавік, часткі крылаў з серварухавікамі і элеронамі. Многія дэталі маюць маркіроўку «Герань-4».

Паводле папярэдняй інфармацыі, беспілотнік выбухнуў на вышыні каля 10 метраў пасля сутыкнення з дрэвамі. Выбуховай хваляй у радыусе каля 25 метраў пашкодзіла дрэвы.

Учора Мінабароны Малдовы паведамляла, што раніцай паветраную прастору краіны перасеклі чатыры аб’екты. Памежнікі выявілі абломкі беспілотніка ўвечары за 1,7 км ад дзяржмяжы.

Фота: Паліцыя Малдовы
Фота: Паліцыя Малдовы
Фота: Паліцыя Малдовы
Фота: Паліцыя Малдовы