Изображение: www.agents.media
Сёння расійскае выданне «РИА Новости» апублікавала артыкул з загалоўкам «Расію чакае яшчэ адна СВА. Яна будзе вельмі кароткай» за подпісам Аляксандра Насовіча, члена савета па знешняй і абароннай палітыцы (СВОП), аднаго з сузаснавальнікаў клуба «Валдай».
Мяркуючы па ўсім, нагодай для выказвання Насовіча стала ўхваленне Сеймам Літвы папраўкі ў Канстытуцыю краіны, якая прыбірае змешчаную ў ёй забарону на размяшчэнне ядзернай зброі. У калонцы ён напісаў, што еўрапейцы «дайшлі да стадыі выбару краіны, якая згодная стаць ядзерным складам». Ён параўнаў Літву з Украінай: «Некалькі гадоў таму Расіі, цынічна кажучы, „прадалі“ Украіну… Ядзерныя боегалоўкі за некалькі гадзін язды ад Мінска і Калінінграда стануць яшчэ адной камерцыйнай прапановай».
«І паколькі нашы праціўнікі першымі пераводзяць размову ў плоскасць ядзернай пагрозы, то Расія можа дазволіць сабе нават адмову ад уводу сухапутнага кантынгенту. Толькі ракеты з адпаведным зарадам», — рабіў выснову аўтар.
Публікацыю заўважылі іншыя СМІ, якія напісалі пра яе. Неўзабаве калонку з сайта «РИА Новости» выдалілі. Некаторы час замест яе адкрывалася старонка з памылкай 404, а пазней выданне вырашыла растлумачыць выдаленне матэрыялу.
«Артыкул пазаштатнага аўтара Аляксандра Насовіча быў выдалены з сайта ria.ru, паколькі не адпавядае меркаванню рэдакцыі, рэдакцыйнай палітыцы і дзяржаўнай палітыцы Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца цяпер у паведамленні рэдакцыі на старонцы, дзе раней размяшчаўся артыкул Насовіча.