Флаг Евросоюза. Фото: Christian Lue / Unsplash.com
Еўрасаюз можа ўключыць забарону на ўдзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах на тэрыторыі ЕС у новы, 22-і пакет санкцый супраць Расіі. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў.
Еўракамісія плануе прадставіць новы санкцыйны пакет да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета, якое адбудзецца 26–27 лістапада. Пра гэта 12 лістапада заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен перад сустрэчай міжнародных лідараў у Дубліне.
«Мы… рыхтуем прапанову аб тым, як пакрыць фінансавыя патрэбы Украіны ў 2027 годзе. Мы прадставім пакет санкцый і прапанову па фінансавых патрэбах да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета», — сказала яна.
Паводле слоў еўрапейскіх дыпламатаў, новыя абмежаванні могуць закрануць банкі, крыптавалюты і крыптавалютныя платформы. Таксама разглядаюцца меры па прадухіленні абыходу санкцый праз трэція краіны.
Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць забароны беларускім і расійскім спартсменам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, якія праходзяць на тэрыторыі Еўрасаюза, сцвярджаюць яны.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас у інтэрв’ю Reuters на палях сустрэчы міністраў замежных спраў краін G7 падкрэсліла важнасць спартыўных абмежаванняў.
«Спартсмены важныя, таму што для такога дыктатара, як Пуцін… яму абыякавыя жыцці, страчаныя на полі бою, але яму сапраўды важныя гэтыя буйныя спартыўныя мерапрыемствы, дзе ён можа прадэманстраваць, што краіна вялікая, магутная і прызнаная нароўні з усімі», — заявіла яна.
Калас дадала, што вядуцца абмеркаванні магчымых візавых абмежаванняў для расіян, якія раней удзельнічалі ў баявых дзеяннях.